
...Пасярод пляцоўкі – адмысловае карункавае дрэва з жоўтым лісцем, асталяванае на рухомай кружэлцы – дзіцячай каруселі. Да ягонае вершаліны Котка ды паркавая красуня Варона ўзнімаюцца па сходах, а сонца, рухаючыся, толькі што не чапляе абедзьвюх за каўняры. Як на дзіцячым малюнку. Павольнае пасоўванне сонца пазначае змены ў часе. Хуткае кружэнне каруселі імгненна выдае патрэбныя месцы дзеяння, узнёслы настрой рашучага пошуку лета змяняе на кашэчую змову або на дваровую дзіцячую сварку, а сустрэча з хлусам-Пацуком адным паваротам кола прымушае Брыка і Шусю да роспачна спяшацца... але за сонцам яны не паспяваюць і апынаюцца ў цемры. Такой страшнай цемры не збаіцца хіба той, хто ніколі не быў дзіцем. І Брык баіцца, але загадвае Шусі трымацца за ягоную руку. І стомленая, засмучоная, спалоханая Шуся называе Брыка разумным, дужым – дарослым...

Цяпер кожнае дзіця ведае, якімі мусяць быць ў казках каты, сабакі ды Чабурашкі, а з Брыкам і Шусяй зазналі клопату і рэжысёр, і мастак спектакля. Хто яны? Якія яны? Здаецца, гэтыя фантазійныя вобразы падказалі акцёрскія індывідуальнасці. Крохкай, танклявай рагатухай Шусяй, камячком пяшчоты і наіўнасці, вызначыліся Юлія Смірнова і Таццяна Чардынцава (дарэчы, абедзьве іграюць Дзюймовачку). Але ў рашучы момант гэты камячок сціскаецца так моцна, што здатны... ну калі не прабіць сцяну, дык разбіцца аб яе. Шуся з’явілася з кучы лісця лёгкай, нібыта паветранай істотай, таму атрымала светлы парычок, у якім заблыталася лісце, і строй, падобны на касцюм для фітнэсу з вызначанай паласатай таліяй ды воблачкамі цюлевых рукавоў, штонікаў й гетраў. Брыка ўсё адно як “змалявалі” з лепшых роляў Аляксандра Зелянко: унутрана рухомага, датклівага, безабароннага, са своеасаблівай супярэчлівай абаяльнасцю, якая з ролі ў роль можа мяняць “плюсы” на “мінусы” і наадварот. Кудлаты парычок з вушкамі-рожкамі, сіні камбінезон – напэўна, Брыку, які нарадзіўся вясной, падабаецца мімікраваць пад паркавых рабочых. Брык Аляксея Кірмуця мае іншую душэўную пабудову – не такую далікатную і гнуткую, але вызначаецца цікаўнасцю і своеасаблівай шчырай упэўненасцю. Характэрная адзнака Брыка і Шусі – наіўнае стаўленне да жыцця: у парку пагаршаецца надвор’е, і Шуся ўслед за Брыкам вырашае з гэтым... змагацца. А Брык, відаць, наслухаўся радыё на паркавых слупах...
Жана Лашкевіч
Заканчэнне будзе
Комментариев нет:
Отправить комментарий