Нашто – вось тут во й зараз (прэм'ера адбылася ў лютым 2014) – Моладзеваму тэатру (Мінск) спатрэбілася камедыя Карла
Гальдоні “Веер”, я адказаць не патраплю. Не сумная, але “бу-га-га” (паводле
Мальера) не выклікае. Да таго, што нам моцна баліць сёння, не прастуе ані мастоў,
ані кладак. Цнатлівую закаханасць сіньёра Эварыста, – ён праз яе пасаромеўся
падарыць сваёй абранніцы цэлы веер замест зламанага, сербануўшы нягодаў ды
турботаў – узорам для пераймання не
назавеш. А калі б не пасаромеўся і падарыў – п’есы б не было.
Славутага “Слугу двух гаспадароў” ды “Карчмарку” Гальдоні ствараў у Венецыі, між поспехаў і скрутаў сваёй
сцэнічнай рэформы ды ў баруканнях з Гоцы. У лепшую сваю часіну. “Веер” (1763-1765) штукаваўся ў Парыжы, куды
рэфарматар Карла з’ехаў у 1762 – далей ад венецыянскіх прыгодаў, бліжэй да
мройных пераменаў. Як выявілася потым – да марных. І – назаўсёды.